Драма "Раскіданае гняздо" напісана Я. Купалам у 1913 г. на аснове фактаў з сям'і дзеда Ануфрыя, у якога князь Радзівіл адабраў зямлю і хату. Асэнсоўваючы сямейную трагедыю як агульнанародную, Я. Купала паказаў у творы цяжкі шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай бацькаўшчыны, зямлі і волі. Галоўны герой драмы — Сымон, старэйшы сын Зяблікаў. Гэта свабодалюбівы, непакорны, моцны духам чалавек. Ён здольны абараніць сваю чалавечую годнасць, заступіцца за іншых. "Свайго ў крыўду не папушчу, хоць бы там свет дагары нагамі перакуліўся", — гаворыць ён. Зоська і Незнаёмы параўноўваюць яго з вольнай птушкай, магутным арлом: "Птушкаю-арлом быць бы табе і лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны!". Вобраз Сымона пададзены ў развіцці. Спачатку ён, як і яго бацька, спадзяецца на справядлівасць суда і законаў. Упэўнены ў сваёй праваце, ён, калі дваровыя людзі заворваюць пасевы, з сякераю ў руках бароніць сваю зямлю. Як чалавек рашучы, настойлівы і ўпарты, Сымон хоча дабіцца праўды ўласнымі сіламі. На бацькавай магіле ён дае клятву "жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага разграбленага гнязда,... хай б'юць, рэжуць, катуюць". На прапанову маці скарыцца, пайсці да паніча на службу Сымон рашуча адказвае: "Пакарыцца?.. Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя — запрасіцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас рабства ў спадчыну атрымаюць". Прымірыцца з панічом для Сымона— гэта здрадніцтва, адступніцтва. Становіцца зразумелым, чаму герой так строга асуджае Зосю, якая свядома пайшла на сувязь з панічом і аддала сябе на "загубу, на глум вечны". Шлях да актыўнай і дзейснай барацьбы Сымон адшукаў не адразу. Пераканаўшыся ў марнасці намаганняў сваімі сіламі дабіцца справядлівасці, Сымон пачынае задумвацца над сэнсам бацькавых слоў, што "трэба розумам ваяваць, а не тапаром". Пад уплывам перажытага (смерці бацькі, страты зямлі і хаты, ганьбы Зоські), а таксама агітацыі Незнаёмага погляды галоўнага героя драмы на шляхі вызвалення з няволі мяняюцца: "I я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды!" Разам з Незнаёмым ён ідзе "на вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!" На гэтым сходзе, па словах Незнаёмага, будзе вырашацца пытанне аб тым, як выгнаць з роднай зямлі страшнага смока-упыра, як далей змагацца за поўнае вызваленне. Такім чынам, на прыкладзе Сымона Я. Купала паказаў працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускіх сялян, пошукі імі шляхоў да вызвалення. Адшукаць страчаную бацькаўшчыну, вырвацца з-пад прыгнёту і ўціску, здабыць зямлю і волю можна толькі шляхам барацьбы, змагання — такая асноўная думка твора.