Мастацкі вобраз ствараецца з дапамогай творчага ўяўлення, фантазіі, вымыслу аўтара. Выкарыстоўваючы свае жыццёвыя назіранні і ўражанні, пісьменнік з мноства рэальных людскіх характараў, розных і непаўторных, выбірае тыя, якія яго надзвычай уразілі, усхвалявалі, выклікалі сімпатыі ці, наадварот, у нечым расчаравалі. І на падставе свайго жыццёвага досведу і ўласнай фантазіі майстар слова малюе вобраз чалавека адпаведна сваім перакананням, дае свайму герою ацэнку з уласнага пункту гледжання. І заахвочвае нас, чытачоў, разважаць, перажываць, хвалявацца разам з героем, успрымаць яго як рэальнага чалавека. Нездарма літаратуру называюць чалавеказнаўствам, мастацтвам стварэння характараў