Гады жыцця Кірылы Тураўскага дакладна невядомыя. Сёння прапануюцца наступныя даты: 1130—1190 гады. Кірыла нарадзіўся — паводле новых даных — у княжацкай сям’і, ён быў унукам Тураўскага князя Святаполка ІІ. Яго бацька, малодшы сын Святаполка, загінуў, калі хлопчыку было дзесяць гадоў. Кірыла атрымаў выдатную адукацыю: яго вучыў грэчаскі манах, які прыехаў з Візантыі. Даволі рана (па пісьмовых даных, у трынаццаць гадоў) Кірыла пастрыгся ў манахі ў мясцовым манастыры. Грунтоўнае знаёмства з кніжнай мудрасцю, грэчаскімі літаратурнымі ўзорамі і праведнае жыццё хутка паспрыялі яго знакамітасці. Жыхары Турава папрасілі яго стаць іх епіскапам. Трыццаць гадоў ён нёс гэтую няпростую службу. Апошнія гады яго жыцця прайшлі ў манастыры Святога Мікалая ў Тураве.