Творы беларускіх аўтараў на лацінскай мове адкрывалі Беларусь і славянскі Усход у цэлым усяму адукаванаму грамадству Заходняй Еўропы. Разам з тым у эпоху Рэнесансу, у час вялікіх геаграфічных і навуковых адкрыццяў, і заходнееўрапейскія аўтары пачалі цікавіцца нашымі землямі і наогул усходнімі славянамі. Найбольш папулярная кніга пра беларускія землі — «Трактат пра дзве Сарматыі» (Кракаў, 1517) прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Мацвея Мяхоўскага. Кніга адразу вытрымала 16 выданняў на розных мовах свету. «Трактат» Мяхоўскага істотна дапоўніў і ўдакладніў сваімі «Запіскамі пра маскоўскія справы» (Вена, 1549) аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн, які двойчы (1517, 1526), едучы ў Маскву, праязджаў праз Беларусь. У яго «Запісках» маюцца цікавыя звесткі пра беларускія гарады (Брэст, Гродна, Віцебск, Крэва, Мінск, Оршу, Полацк і інш.), заняткі і побыт беларусаў, іх рэлігійныя вераванні, узаемаадносіны ВКЛ з іншымі дзяржавамі і г. д. Гэта кніга карысталася вялікай папулярнасцю, паслужыла крыніцай ведаў пра наш край для шэрагу еўрапейскіх навукоўцаў.