З прыходам у беларускую літаратуру таленавітага самабытнага празаіка Ядвігіна Ш. крытыкамі адразу былі заўважаны адметнасці мастацкага стылю пісьменніка. Пісьменнік меў схільнасць да выбару і адлюстравання вострых сацыяльных праблем, якія ўзнікалі на пераломе стагоддзяў і неслі ў сабе драматычныя і трагічныя наступствы для асобы. Выкарыстаныя пісьменнікам вобразна-выяўленчыя сродкі мовы, такія, як метафара, алегорыя, іронія, персаніфікацыя, робяць яе сціслай, трапнай, яскравай, як мова народных паданняў, казак, анекдотаў. Кожны таленавіты пісьменнік мае свой стыль, які абумоўлены яго своеасаблівым светабачаннем і светаадчуваннем, што звязана з арыгінальнасцю і непаўторнасцю яго асобы. Максім Багдановіч пісаў: «Няма спрэчкі, што ў асобе Ядвігіна Ш. мы маем аднаго з найлепшых баечнікаў нашых часоў». Вацлаў Ластоўскі звярнуў увагу на яшчэ адну асаблівасць таленту Ядвігіна Ш.: «У яго творчасці я бачу два моманты: творчасць для масы і крык уласнай душы. Ні ў гумарыстычных апавяданнях, ні ў казках, легендах, ні ў сатырычных алегорыях, каторыя прыбліжаюць нашага аўтара да такіх пісьменнікаў, як Шчадрын і Горкі ў Расіі або Леманскі ў Польшчы, Ядві-гін Ш. не праявіў сваёй глыбокай і трагічнай душы. Душа гэта праглянулася праз апавяданні (“З бальнічнага жыцця”, “Зарабляюць”) і ў паэзіі прозай (“Раны”, “Васількі”)».