Прыжыццёвыя кніжныя выданні пісьменніка — «Сялянка: опера ў двух актах» (Вільня, 1846 г.), «Гапон: аповесць беларуская…» (Мінск, 1855 г.), «Вечарніцы і Апантаны: паэзія» (Мінск, 1855 г.), «Цікавішся? — Прачытай: тры аповесці і верш з нагоды» (Мінск, 1856 г.), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (Мінск, 1857 г.), «Люцінка, або Шведы на Літве: аповед гістарычны, у 4-х абразках» (Вільня, 1861 г.), а таксама цудам выратаваны з-пад агню царскіх цэнзараў паасобнік перакладзеных В. Дуніным-Марцінкевічам першых дзвюх песень-«быліц» паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (Вільня, 1859 г.) убачылі свет і захаваліся— сапраўдны цуд. Да паўстання 1863 года царская цэнзура «единой и неделимой» пільна сачыла за духоўным жыццём «нацыянальных ускраін», не давала ім развіваць сваю культуру, афіцыйна карыстацца роднай мовай. Крыху вальней (ды ненадоўга) дыхнулася ў сярэдзіне 1850-х гадоў, пасля смерці цара Мікалая І, чым і скарыстаўся В. Дунін-Марцінкевіч. Пасля ж паўстання 1863—1864 гадоў пра друкаванне беларускіх твораў на радзіме і гутаркі быць не магло.